БЕЛАРУ́СКІЯ ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ ТЭ́ХНІКУМЫ,
белпедтэхнікумы, сярэднія навуч. ўстановы для падрыхтоўкі настаўнікаў бел. пач. школы (1—4-х класаў) у 1921—37. Тэрмін навучання 4 гады, з 1930 — 3 гады. Ствараліся для адраджэння бел. мовы і культуры, ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі. У іх прымалі асоб ва ўзросце 15—18 гадоў пасля заканчэння школы: 7-гадовай, сял. моладзі і палітасветы. Першы белпедтэхнікум адкрыты 1.10.1921 у Мінску (да 1931 імя У.М.Ігнатоўскага). Сярод яго выкладчыкаў Ігнатоўскі, Я.Колас, М.А.Грамыка, Я.Ю.Лёсік і інш. У 1927/28 навуч. г. на Беларусі 11, у 1932/33 — 13 бел. педтэхнікумаў. Прадметы: родная мова і л-ра, методыка іх выкладання, фізіка, хімія, матэматыка, прыродазнаўства, геаграфія, псіхалогія, гісторыя класавай барацьбы, асновы ленінізму, гіст. матэрыялізму, сав. будаўніцтва, палітэканомія. Для задавальнення патрэб нац. меншасцяў і падрыхтоўкі настаўнікаў яўр. і польск. школ у 1921 у Мінску адкрыты яўр., у 1922 — польскі педтэхнікумы. У крас. 1937 бел. і інш. педтэхнікумы рэарганізаваны ў 3-гадовыя педвучылішчы. Пасля рэарганізацыі засталося 12 бел. педвучылішчаў: Аршанскае, Віцебскае, Гомельскае, Лепельскае, Магілёўскае, Мазырскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Полацкае, Рагачоўскае, Рэчыцкае, Слуцкае; Барысаўскае рус., мінскія яўр. і польск. Вучылішчы.
Н.У.Васілеўская.
т. 2, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)